Общество

«Гэта апагей бяспраўя». Гісторыя былой арыштанткі Акрэсціна

Праз мінскі ізалятар на Акрэсціна штогод праходзяць тысячы арыштаваных па палітычных матывах. Былая арыштантка, якая нядаўна адбывала там «суткі», распавяла Вясне, у якіх умовах цяпер утрымліваюць людзей.

«Забралі тэлефон, усё выгрузілі, падключылі да ноўта»

Ірыну (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі восенню 2024 года на працоўным месцы. Спачатку супрацоўнікі КДБ паехалі разам з жанчынай у яе кватэру для правядзення ператрусу.

Як адзначае Ірына, вобшук прайшоў спакойна, кватэру не грамілі, праводзілі пры панятых. Але ў выніку нічога не знайшлі. Копію пратаколу ператрусу спачатку жанчыне не далі. На яе просьбу яны адказалі, што «адскануюць ужо ў кабінеце».

У выніку пазней ёй прыйшлося яшчэ раз настойліва прасіць копію пратаколу, пасля чаго кдбшнікі ўсё ж такі пагадзіліся і выдалі яе.

«Яны сказалі: «Тады паехалі да нас». Я падумала, што ў мяне ў тэлефоне дакладна нічога няма. Пасля вобшуку я нават не пераапранулася і нічога з рэчаў не ўзяла, хаця і ведала, куды еду. Можа баялася наклікаць бяды.

У КДБ дапытвалі мяне мо гадзіны чатыры. Пры гэтым, не вельмі актыўна. Бо я шмат часу проста сядзела і чакала. Бо яны забралі тэлефон, адкуль усё выгрузілі, падключылі да ноўта, штосьці там глядзелі. Гэта адняло гадзіны паўтары, супрацоўнік нават нічога не пытаў».

«Адказвай, хочаш у турму?»

«З усіх супрацоўнікаў, з кім я сутыкалася падчас гэтага затрымання, адзін быў самы непрыемны, такі псіхапатычнага тыпу. Ён зайшоў у кабінет, адразу жартаваў, пытаў ці ўсё добра. Я адказала, што добра, але ўжо хацела б і піць, і паесці.

Бо затрымалі а 11, а ўжо была другая палова дня. А ён: «Ой, а чаго вы нашых супрацоўнікаў не папрасілі? Далі б вады». Ну я жартам кажу, што пасля вады трэба было б прасіцца ў прыбіральню.

Ён спытаў у супрацоўніка, які мяне дапытваў, ці даведаўся той што-небудь у мяне. Той адказаў нешта кшталту: «Галяк». І псіхапат раптам пачынае крычаць на мяне з нецэнзурнай лаянкай: «Што ты сабе думаеш? Мы днямі затрымалі тут столькі людзей і цябе зараз у турму пасадзім! Адказвай, хочаш у турму?»

Пратакол допыту супрацоўнікі не складалі. Жанчына мяркуе, што гэта было звязана з адсутнасцю неабходных ім паказанняў. Склалі толькі пратакол агляду зместу тэлефона. У ім было пазначана, што тэлефон праглядзелі і павярнулі Ірыне.

«Я ім кажу: «Дык давайце тэлефон, інакш я не буду падпісваць пратакол, бо вы мне яго не павярнулі». Яны пачалі казаць, што ў мяне яго ўсё роўна ў РУУС ці ІЧУ адбяруць. Я адказала, што ў ІЧУ я буду ўжо потым размаўляць сама».

У выніку тэлефон жанчыне павярнулі і папрасілі яго не чапаць да РУУС.

Адмовілі вывесці ў прыбіральню

Пасля КДБ жанчыну павезлі ў РУУС, каб скласці пратакол.

«Мяне завезлі ў РУУС і завялі праз нейкі службовы ўваход. Там сядзелі два хлопцы. І адзін з іх без аніводнага слова і пытання (акрамя пашпартных даных) склаў пратакол. Напрыканцы ён даў мне паперы і сказаў прачытаць ды падпісаць. Я бяру пратакол, а там — арт. 19.1, як я лаялася ў кабінеце, скідала са стала пісьмовыя прыналежнасці і г. д. Я кажу: «Дайце асадку, буду пісаць, што я не згодна». Ён адказаў: «Не дам». Тады я адмовілася падпісваць, бо нічога такога не было.»

Увесь час, пакуль супраць Ірыны складалі пратакол, яе чакалі супрацоўнікі КДБ. Міліцыянты ў РУУСе адмовіліся весці жанчыну ў туалет, бо сярод іх не было жанчыны, якая б магла суправаджаць Ірыну. Таму ёй прыйшлося папрасіць аб гэтым супрацоўнікаў КДБ.

Наступным прыпынкам пасля РУУСа быў ГАМ (гарадскі аддзел міліцыі). Там яе ўтрымлівалі некалькі гадзінаў перад пераводам у ІЧУ на Акрэсціна. Увесь час з моманту затрымання Ірыну ўтрымлівалі без кайданкоў, але ў ГАМе яе адмовіліся прымаць без іх, таму міліцыянтам прыйшлося гэта хутка выпраўляць.

У камеру ізалятара Ірына патрапіла ўжо ноччу. Жанчына была шостай у камеры, разлічанай на дзвюх. Ноччу арыштантак адзін раз разбудзілі для «пераклічкі». У затрыманых у ІЧУ зусім няма аніякіх сродкаў гігіены ў адрозненні ад ЦІПа, кажа Ірына.

«Суддзя нават не спытала, ці згодна я з тым, што напісана ў пратаколе»

Пасля сняданку, каля 12:00, Ірыну павялі на суд, які мусіў адбыцца праз скайп. У чаканні суда ўсіх затрыманых паставілі тварам да сцяны з рукамі за спінай. У такім становішчы іх трымалі прыкладна шэсць гадзінаў, дазвалялі час ад часу толькі ненадоўга сесці на кукішкі. Супрацоўнікі доўга не маглі наладзіць відэасувязь з суддзём праз скайп, таму па выніку суд праходзіў праз нейкі звычайны мэсэнджэр.

«Суд праходзіў праз мэсэнджэр на тэлефоне, не праз Skype. Мо праз Signal ці Telegram».

На судзе Ірына вырашыла не прызнаваць віну і адмовіцца ад паказанняў. Пасля таго, як жанчына адмовілася тлумачыць абставіны «правапарушэння», суддзя зрабіла 40-хвілінны перапынак, а потым павярнулася ўжо са «сведкам» у балаклаве.

«Мне падалося, што сведка — гэта аператыўнік з РУУСа. Суддзя нават не спытала, ці згодна я з тым, што напісана ў пратаколе».

У выніку жанчыне прызначылі арышт і перавялі ў ЦІП на Акрэсціна.

«Я там была 16-ая»

«Суткі» Ірына спачатку адбывала ў вядомай жаночай камеры № 15, праз якую прайшлі тысячы «палітычных» арыштантак. Паводле жанчыны, амаль усе затрыманыя былі асуджаныя паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

«Мяне завялі а сёмай увечары. Я тады яшчэ не ведала, што ўсе ў камеры мусяць уставаць, калі адчыняюцца дзверы. І вось мяне заводзяць, і я да гэтага часу памятаю сваё ўражанне, — смяецца жанчына, — дзяўчынкі ўсе стаяць і глядзяць на мяне, як тыя сурыкаты.

Супрацоўнікі зачынілі дзверы і ўсе кінуліся да мяне. Я тады ўпершыню расплакалася. Бо была такая стома і псіхалагічна я больш не магла трымацца. Яны мяне тады пакармілі, бо я фактычна ўвесь гэты і папярэдні дзень нічога не ела.

У нас была двухмесная камера, я там была 16-ая. Гэта быў такі пік, потым наша колькасць змяншалася: кагосьці пераводзілі па крыміналцы, хтосьці выходзіў. У камеры было вельмі шмат клапоў.

Перад «адбоем» у нас былі свае рытуалы: намыліць твар і адкрытыя часткі цела дзягцярным мылам, надзець майткі замест маскі для сна [бо ў камеры ўвесь час гарыць святло — заў. рэд.]. Але ў першую ноч я ляжала намыленай галавой пад лаўкай, ногі паміж дзяўчатамі пад нарай, і думала, які ж гэта «адавы пі*дзец». Я ж пра ўсё гэта ведала, бо чытала пра палітвязняў і сачыла за затрыманнямі. Але адна справа — ведаць, а іншая — там апынуцца. Гэта абсалютна два розных досведа».

«Гэта апагей бяспраўя»

Ірына адзначае, што ў ЦІПе існуе жахлівы падыход да забяспечвання харчаваннем арыштантаў: абед цягнецца тры гадзіны (з 12:00 па 15:00 прыкладна), бо раз на гадзіну заносяць хлеб, потым першае, другое і трэцяе. А ўжо а 17:30 — вячэра, пасля якой наступны раз арыштантаў кормяць раніцай наступнага дня.

«Супрацоўнікі Акрэсціна не ўспрымаюць за людзей тых, хто там сядзіць. Самымі жахлівымі ў ЦІПе былі некалькі рэчаў: першае, што ты наогул не ведаеш, што з табой можа здарыцца ў наступны момант, то-бок абсалютная бездапаможнасць, а людзі, якія кіруюць тваім жыццём, здольныя на ўсё. І апагей гэтага беспраўя — шмон, Гэта штодзённы агляд камеры, які незразумела навошта праводзіцца.

Падчас яго раскідваюць усе рэчы, выводзяць з камеры, даглядаюць. З намі ў камеры заўсёды былі некалькі «не палітычных», і нават яны баяліся шмонаў. І другое — ніхто з нас не ведаў, ці выйдзем наогул адтуль — бо мы разумелі, што ўвесь час, пакуль мы сядзім, сілавікі ліхаманкава шукаюць нейкі кампрамат на нас, і кожная рызыкуе апынуцца пад крыміналкай».

«Так, 15-я, у вас зашмат рэчаў, склалі ўсё мне і я выкіну»

Ірына ўзгадвае, што начныя праверкі, якія ладзілі мужчыны-наглядчыкі, праходзілі больш жорстка. Мужчыны патрабавалі кожны раз новыя ўмовы: напрыклад, трэба было назваць свой нумар парадкавы, а таксама імя і прозвішча. Калі хтосьці блытаў нумар, то ўсё пачыналася спачатку.

Таксама адзін з наглядчыкаў меў звычку называць усіх жанчын «бабкамі» незалежна ад узросту. Жанчыны спачатку не ведалі, як рэагаваць і не разумелі: да каго ён звяртаецца.

«Яшчэ ў нас быў чокнуты хлопец, які ў нейкі момант сказаў: «Так, 15-я, у вас зашмат рэчаў, склалі ўсё мне і я выкіну». А ў нас няма лішніх рэчаў, бо ўначы мы спім на падлозе, нам холадна і мы апранаем абсалютна ўсе рэчы. Ну мы знайшлі нешта непатрэбнае, кшталту жаночых майткоў-стрынгаў, якія пакідалі папярэднія арыштаваныя жанчыны, і аддалі».

Пазней, падчас аднаго са «шмонаў» супрацоўнікі ўсё ж забралі ўсё, што было ў камеры: зубныя шчоткі і пасты, туалетную паперу.

«Вы з вашым дыягназам дакладна жывой не выйдзеце»

Ірына распавяла, што на Акрэсціна восенню ўтрымлівалі ўкраінку з беларускім відам на жыхарства, якая ў Беларусі пражыла 20 гадоў.

«Яе затрымалі супрацоўнікі КДБ у Брэсце амаль адразу пасля аперацыі па выдаленні лімфомы падпахай. Яна яшчэ прасіла ў лекаркі зялёнку і мазала гэтыя швы. Яна прайшла першы курс хіміятэрапіі і яе схапілі кдбшнікі наўпрост у паліклініцы, куды яна прыйшла да лекара.

Ёй літаральна перапынілі курс хіміятэрапіі. Яны ёй яшчэ казалі: «Вы з вашым дыягназам дакладна жывой не выйдзеце». Яе цягалі на допыты кожны дзень, фактычна пазбаўляючы харчавання».

Са словаў самой жанчыны, пераследвалі яе праз дзейнасць дачкі, якая жыве ў Польшчы.

Перазатрыманні арыштаваных

«Карусель» — адзін са спосабаў дадатковага ціску на чалавека, які актыўна выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі супраць затрыманых па палітычных матывах. Гэта калі чалавека пасля першага арышту не вызваляюць, а перазатрымліваюць паводле новых пратаколаў. Такім чынам, чалавек можа месяцамі ўтрымлівацца ў камеры без зменнага адзення і сродкаў гігіены.

Па словах Ірыны, у той час на Акрэсціна былі дзве дзяўчыны, якія адбывалі тры арышты запар.

У адзін з дзён усіх жанчын вывелі з камеры, каб сфатаграфаваць. Ірына з сукамерніцамі мяркуюць, што гэта можа быць патрэбна для сістэмы назірання Kipod, якая дазваляе адсочваць кожнага чалавека, чый фотаздымак ёсць у сістэме. Для Kipod, напрыклад, фатаграфуюць і «хатніх хімікаў», каб адсочваць іх перасоўванне па горадзе.

«Нас усіх па чарзе садзілі і фатаграфавалі. Жанчына здымала з розных ракурсаў. Кажа: «Глядзіце ў камеру, але паварочвайцеся. Нахіляйце галаву ўверх, уніз і г.д».

«Я заходжу ў тую камеру, а там — рай на зямлі!»

Падчас адбыцця арышту да Ірыны зноў прыязджалі з КДБ — жанчыну вазілі праходзіць паліграф. Увесь час па-за камерай ізалятара жанчыну ўтрымлівалі ў кайданках. Пасля паліграфу супрацоўнікі КДБ зноў дапыталі Ірыну — на гэты раз «пад пратакол». Падчас размовы яе папярэдзілі, што перазатрымліваць яе не будуць, але папрасілі пасля вызвалення нікому не казаць, што яна адбывала арышт.

Пасля допыту Ірыну павярнулі ўжо ў іншую жаночую камеру.

«У той дзень яны зрабілі такую ратацыю. Я заходжу ў тую новую камеру, а там — рай на зямлі! Чатырохмесная камера з матрацамі, і я была чацвёртая. Больш за тое, нават дзве прасціны было. На жаль, клапы таксама былі. Аднак, калі я залезла на другі ярус, лягла на матрац, і нам прыгасілі святло — я была проста шчаслівая».

Пасля адбыцця «сутак» ужо на выхадзе жанчыне зладзілі так званы «голы дагляд». Яе прымусілі цалкам распрануцца і прысядаць.