Леся Руднік: Колькі людзей будуць глядзець Ютуб, не вырашае, ці будзе стаяць беларускі рэжым на нагах на дадзены момант

Дырэктарка Цэнтра новых ідей, выкладчыца Стакгольмскага ўніверсітэта — пра тое, ці могуць адключыць YouTube ў Беларусі.

Леся Руднік

— Складана адказаць на гэтае пытанне. Думаю, што з аднаго боку, можа, — разважае Леся Руднік у інтэрв’ю на канале Жизнь-малина. — Можа здарыцца ўсё, што заўгодна. Тэхнічна гэта магчыма. Так, гэта будзе каштаваць грошай, але калі вельмі трэба, гэта можна будзе зрабіць.

Пытанне ў тым, ці яно патрэбна. Думаю, што на сённяшні момант беларускаму рэжыму гэта не патрэбна.

Па-першае, рэжым эканоміць рэсурсы, таму што зачыстка і фільтрацыя —  гэта заўсёды грошы. Сілавы блок стаў больш вялікім, стала больш людзей, функцый, дэпартаментаў, ім таксама трэба чымсцьці займацца зараз.

І таму калі ў рэжыму ёсць выбар: падгрузіць гэтых людзей чымсьці яшчэ — умоўна па фармаце арміі цэнзараў, як гэта працуе ў Кітаі. Ёсць людзі, яккія сядзяць цэлы дзень на працы і шукаюць, каго б там чырвоным крыжыкам пазначыць і штосьці з гэтага вырасціць — альбо штраф, альбо прызнанне «экстрэмістам». Таму рэжым будзе працягваць гэта рабіць.

Леся Руднік мяркуе, што блакіроўка Ютуба, беларускім уладам не патрэбная.

— Ужо усіх, каго трэба, запалохалі. Людзі ўсё роўна знойдуць спосаб глядзець Ютуб, калі яны захочуць.

Засталося мала такіх людей, якія гатовыя рызыкаваць фізічна ўнутры краіны, таму колькі людзей будуць глядзець Ютуб ці не будуць, не вырашае, ці будзе стаяць беларускі рэжым на нагах ці не на дадзены момант.

У 2020 годзе колькасць людзей, якія глядзелі сеткі і мабілізаваліся праз сеткі, магла штосьці вырашаць. На дадзены момант закатка настолькі магутная, што Ютуб трэба выкарыстоўваць дэмакратычным спікерам ці медыя для таго, каб проста падтрымліваць сваю аўдыторыю, даваць якасную інфармацыю, можа быць, даваць новыя веды, адукоўваць людзей, трымаць іх у адэкватнай інфармацыйнай прасторы, каб яны заўсёды ведалі, куды калі што можна пайсці, але выбудаваць там пратэст не атрымаецца.

На сённяшні момант, думаю, беларускія ўлады не бачаць Ютуб пагрозай. Але давайце разумець, што я аналізую, як спрабавалі б рабіць больш-менш рацыянальныя палітычныя актары. Хачу нагадаць, што беларускі палітычны рэжым нерацыянальны. Гэта не тыя палітыкі, якія кіруюцца выключна рацыянальным падыходам.

Леся Руднік прыводзіць прыклад: незалежныя расійскія палітычныя аналітыкі кажуць, што ў Пуціна ёсць дарадцы, якія замяраюць меркаванне грамадства, робяць свае апытанні і закідваюць штосьці ў сацсеткі, каб замераць рэакцыю грамадства і гэтак далей.

— У Беларусі такога канэкту пакуль што няма, як мне падаецца. Ёсць адыёзныя прапагандысты, ёсць проста дзіўныя персанажы, але мне падаецца, у іх таксама няма вялікага спадзеву на тое, што праз Ютуб яны камунікуюць з народам.

На думку Руднік, тое, што рэжым выціснуў сваіх супернікаў у анлайн, не азначае інфармацыйную перамогу.

— Я лічу, што дагэтуль у інфармацыйным полі ёсць прастора, дзе можна спрабаваць дасягаць увагі беларусаў. Давайце будзем шчырымі — гэта адзіная прастора сёння, калі мы хочам, каб беларусы сёння мелі доступ да адэкватнай, якаснай журналістыкі, да якасных перадачаў, да ведаў, якія ім не прапануюцца ўнутры (краіны — «С»).

…Больш нічога зрабіць нельга. Нельга зараз адправіць у Беларусь вайсковыя атрады, нельга дзейнічаць палітычна, нельга балатавацца ў кандыдаты і г.д. Трэба захоўваць сувязь з людзьмі — гэта самае галоўнае, — лічыць Леся Руднік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)