І гэта першы мой пункт, чаму нам належыць вучыцца ў людзей з асаблівасцямі — прасіць дапамогі. Прасіць так, каб не адчуваць сябе вінным, залежным, а адчуваць сябе чалавекам. Таму што дапамога — гэта не слабасць ці сіла, дапамога — гэта годнасць.
Яўген Брыцько: «Мэта ў нас адна, а доўгія дарогі дадому ў кожнага свае»
Яўген Брыцько, невідушчы шматдзетны бацька, дачцэ якога беларусы сабралі грошы на аперацыю праз фонд Bysol, распавёў, чаму мы можам навучыцца ў невідушчых людзей.
Прамова, працятая сімвалізмам, якая тлумачыць, чаму нам так важна слухаць адно аднаго.
— Дзякуючы вашым высілкам мая дачка атрымала магчымасць выратаваць свой зрок, — сказаў Яўген падчас выступу на форуме Беларусы годныя лепшага. — Мая сям'я застанецца ў гісторыі як тая, што атрымала дапамогу ад фонда, які кімсьці там абвешчаны «экстрэмісцкім».
Знаходзячыся ў эміграцыі, калі мы даведаліся, што перад намі ёсць такая вялікая пагроза, вельмі хацелася паддацца адчаю, легчы і нічога не рабіць. Але ў нас дачка, і гэта вымагала сабрацца, знайсці клініку, знайсці магчымасць пазычыць вялікія для нас грошы і паралельна з гэтым звярнуцца да фонду.
За тры тыдні вы сабралі 105% з таго, што было нам патрэбна. У гэтыя хвіліны дачка працягвае праходзіць постаперацыйныя працэдуры, а днямі мы вернем пазыку.
Сёння няма магчымасці даведацца з адкрытых крыніц пра дакладную колькасць людзей з інваліднасцю ў нашай краіне, працягвае беларус.
— Яшчэ менш магчымасцяў даведацца, колькі такіх людзей знаходзіцца ў вязніцах. І яшчэ менш мы ведаем, колькі іх трапіла ў эміграцыю.
Але нам трэба пра гэта даведацца, бо досвед людзей з асаблівасцямі ў выгнанні вельмі патрэбны.
Кожны наш кейс можа стаць грунтам, каб «падрэмантаваць» міжнародныя нормы па абароне людзей з інваліднасцю. Кожны з нас ведае і адчувае на сабе, што ўжо не працуе, а што патрабуе ўзгаднення. Наш беларускі досвед вельмі патрэбны, прынамсі Еўразвязу і нам, у нашай будучыні.
Законы, якія прымаюцца ў нашай краіне датычна людзей з інваліднасцю добра напісаныя, але яны фармальныя. Застаецца толькі адно — якасць чалавека. Таму што добрыя законы, добрая інфраструктура — гэта далека не ўсё. Як мага больш трымаецца на якасцях чалавека — добразычлівасці, ветлівасці, здольнасці заўважаць іншага. Гэта тое, што з цягам тэхнічнага прагрэсу сыходзіць і адсоўваецца ў бок.
Пакуль увесь свет жыве ў візуальнасці, мы слухаем... Я прысутнічаю на анлайнах, дзе транслюецца экран. Узгадайце, калі дакладчык у кагосьці спытаў, ці зручна чытаць экран? І гэта толькі таму, што мы не дбаем пра тых, хто слухае. А якасць чалавека — заўважаць іншых...
Штодня мы з вамі адмаўляемся слухаць, таму што мы стаім у чарзе «выказацца». І ў сваіх прамовах мы прагнем быць зразумелымі, але каб нас зразумелі, трэба нешта зрабіць. Зладзіць умовы.
Мы ведаем, што з дзецьмі трэба размаўляць на іх мове. Больш за тое, калі мы ў эміграцыі шукаем дарогу, мы звяртаемся да агульнай мовы — напрыклад, англійскай.
Чуць — важна, яшчэ больш важна — зладзіць умовы, каб цябе пачулі. І такім спосабам закладваць грунт узаемапаразумення, якога нам так усім не хапае. Таму слухаць — гэта тая якасць, якой належыць вучыцца ў невідушчых.
І апошняе, што я хацеў бы сказаць: калі невідушчы чалавек збіраецца пайсці па сваіх справах, ён заўжды мае два, тры, пяць планаў, як ён будзе ажыццяўляць кропкі да сваёй мэты.
Планаў да мэты бывае багата, а мэта — адна. І абмяркоўваць, чый план або спосаб дасягнення мэты лепшы — гэта марная трата часу і высілкаў. Давайце памятаць, што мэта ў нас адна, а доўгія дарогі дадому ў кожнага свае.
Читайте еще
Избранное